Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Хай будзе напоўнены шчасцем ваш дом!

Хай будзе напоўнены шчасцем ваш дом!01 февраля 2016 — 10:00

 Данута Казіміраўна і Мікалай  Уладзіміравіч Кулеш з Малых Азёрак  нядаўна ў прысутнасці дзяцей,  унукаў і блізкіх  адзначылі залатое вяселле. Звычайна пажылыя людзі просяць у Бога і  лічаць за шчасце дажыць  да глыбокай старасці ў пары. Калі зыходзіць з гэтага меркавання ­­ Данута Казіміраўна і Мікалай Уладзіміравіч шчаслівыя. “Залатыя” жаніх і нявеста выгадавалі  дзвюх дачок і  сына, ужо  падраслі пяцёра ўнукаў. Сёння яны моляць Бога дачакацца праўнукаў. Дзеці жадалі  бацькам  дажыць ў шчасці і згодзе да брыльянтавага вяселле. Унукі абяцалі  падарыць ім праўнукаў.

Лёс водзіць чалавека рознымі пуцявінамі. Бывае, што  сцяжынкі ў пошуках долі  адводзяць яго далёка ад роднага дама.Але як важна ў патрэбны момант апынуцца  ў патрэбным месцы. Cпознішся на хвілінку.  і жыццёвы вадаварот зноў падхоплівае і нясе далёка­далёка...

 Данута Казіміраўна ў дзявоцтве Залеўская нарадзілася ў Родзішках перад самай вайной. Яна была адзіным дзіцём  у сям’і.  Вучылася разам  з іншымі вясковымі  дзецьмі ў школе, якая размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. Закончыла чатыры класы і стала дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Усё складвалася як у большасці тагачасных вясковых дзяўчат.  Моладзі ў той час у Родзішках хапала,  гэта сёння маленькія вёсачкі пастарэлі.  А маладым  ва  ўсе часы  ўласціва  марыць і   ладзіць  планы на будучае. Сяброўкі  падгаварылі Дануту  ехаць разам з імі  на заработкі ў далёкую і невядомую  Расію. Парады маці заставацца дома  не  падзейнічалі. Каб паехаць  у далёкі свет, дзяўчыне нават давалося  пайсці на хітрасць і падбавіць сабе некалькі гадоў.

 -- ­­У 1956 годзе мы з дзяўчатамі адправіліся ў Расію.  Два з паловай гады давялося працаваць на  будаўніцтве чыгуначнай дарогі ў Томску і Омску. Ехалі  за рамантыкай і  добрымі заробкамі,  а давялося  нараўне з мужчынамі цягаць і ўкладваць шпалы і рэйкі.  Работа была цяжкая, як вытрываць,  і я вырашыла вярнуцца дамоў,­­ -- з прыемнай настальгіяй  ўспамінае сёння  Данута Казіміраўна  сваю працоўную маладосць. 

Вярталася дзяўчына з далёкай Расіі ў родныя мясціны і пакуль яшчэ не здагадвалася, што хутка  ёй  выпадзе апынуцца ў  лёсам наканаваным    месцы. Уладкавалася  санітаркай  ва  ўчастковую бальніцу,  якая  знаходзілася Ў Мяхоўску. Каля трох кіламетраў  на работу і  столькі ж назад. Трыццаць шэсць гадоў адпрацавала яна ў сельскай  бальніцы, спачатку  санітаркай, а  пазней ­­ сястрой­гаспадыняй. Адказвала за чысціню і парадак ў бальніцы. Гэта сёння   бальнічныя  адзенне і бялізну мыюць пральныя  машыны­аўтаматы, а  ў часы  працы Дануты Казіміраўны  ўсё  даводзілася мыць уручную.

Мікалай Уладзіміравіч Кулеш нарадзіўся і вырас непадалёку,  у Малых Азёрках. У маладосці яму, як  і Дануце Казіміраўне,  давялося пакінуць на некоторы час родную  вёску. Жыў і працаваў   у Днепрапятроўскай вобласці. Перад тым, як ісці служыць у армію,  вывучыўся на трактарыста.

 -- ­­Служыў я  ў Краснаярскім краі, у ракетных вайсках. Пасля службы хацеў застацца там, але не атрымалася. Там,   аказваецца, закрытая зона, а ў мяне, каб  застацца,  не было патрэбных дакументаў. Давялося вяртацца  ў Малыя Азёркі.  Хацеў паехаць на работу ў Гомель, але  старшыня калгаса не адпусціў. Механізатары былі патрэбны на вёсцы. Увесь  час працаваў у мясцовым калгасе  механізатарам,  электрыкам, жывёлаводам. Можа, і добра, што не паехаў  у горад. Цяпер, як  прыеду ў госці да дзяцей, не магу там быць доўга, на другі дзень хочацца дадому  ў Малыя Азёркі, ­­ -- расказвае пра свае жыццёвыя шляхі Мікалай Уладзіміравіч.

 Многа гадоў назад яны і яго прывялі ў лёсам прызначанае месца.  Аднаго разу зайшоў малады  Мікалай Кулеш у бальніцу  ў Мяхоўску праведаць  хворага бацьку. Бацька і сын  зручна размясціліся у бальнічным калідоры, ператварыўшы яго на нейкі момант у цырульню. Сястры­гаспадыні, якая любіла ва ўсім парадак  і  чысціню,  такая вольнасць хворага і наведвальніка паказалася недапушчальнай. Яна,  прыняўшы  строгі выгляд,    зрабіла заўвагу абодвум. Хлопец аказаўся вострым на язык, завязалася славесная перапалка. Ужо  потым абодва перамянілі гнеў на міласць.   Мікалай пастрыг бацьку, і пакідаў   бальніцу  ў Мяхоўску з надзеяй, што яшчэ давядзецца сустрэцца з Данутай, якая запала  яму ў  сэрца.

Праз два гады пасля той першай сустрэчы ў бальніцы   ў апошні дзень 1965 ці  першы дзень 1966 года Данута і Мікалай распісаліся ў сельсавеце ў Мілявічах.­­Распісвацца прыехалі вечарам, сельсавет ужо быў зачынены. Пакуль нашы сведкі, брат  жаніха Міша і мая сяброўка Марыя,  шукалі старшыню і сакратара,  наблізілася поўнач, так што пасведчанне аб шлюбе мы  атрымалі ўжо ў першы дзень 1966 года. А вяселле  з музыкай, песнямі і застоллем гулялі ў лютым. Жаніх прыехаў да мяне на конях, упрыгожаных  стужкамі і  званочкамі, як было заведзена ў тыя часы,­­ са шчаслівай  усмешкай успамінае праз пяцьдзесят  гадоў  Данута Казіміраўна  сваё вяселле.

  Хачу выпытаць  у “залатых” жаніха і нявесты пра сакрэт іх сямейнага шчасця  і даўгалецця.  ­­

-- Проста я стараўся выканаць  усё, што назначана зрабіць  мужчыну.  Выгадаваў сына і дзве дачкі, пабудаваў дом, пасадзіў ў год нашага вяселля бярозу, якая сёння ўжо састарылася і яе трэба спілоўваць. Акрамя бярозы,  расце сад, дзе ёсць яблыні, грушы, слівы, вішні. А сакрэт шчасця, што гадавалі дзяцей, будавалі дом, садзілі тую  самую бярозку і сад мы  разам з Данутай Казіміраўнай, а пазней з дзецьмі і ўнукамі, ­­ -- Мікалай Уладзіміравіч з павагай і замілаваннем глядзіць  на сваю палавінку.

     Слухаеш  гэтых  мілых і добрых людзей і не можаш наслухацца,  быццам бы  спякотным летнім днём стараешся прагнаць смагу вадой са сцюдзёнай крыніцы і ніяк не можаш напіцца.   Жыццёвая  мудрасць, як невычэрпная крыніца, ніколі не канчаецца. Яе чэрпаць і чэрпаць…                                     

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота з сямейнага альбома сям’і Кулеш


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио