“Настаўнікам быць складана, асабліва ў цяперашні час”, – часта можна пачуць такія меркаванні. Так, складана, бо настаўнікі ва ўсіх справах павінны быць лепшымі. Ім патрэбна мець добра выхаваных дзяцей, яны павінны разбірацца ў сучаснай музыцы, быць на “ты” з камп’ютарнымі тэхналогіямі, умець добра адпачываць ды і іншым адпачынак арганізаваць. Пры гэтым патрэбна цудоўна выкладаць свой прадмет, каб ім захапіліся вучні, быць добрымі сем’янінамі. І гэта ўсё ў наш імклівы час.
Добра ведаючы гэта, здаецца, што ўжо ніхто з выпускнікоў школы не пажадае атрымаць прафесію настаўніка. Але знаходзяцца маладыя людзі, якія па стану душы і сэрца становяцца настаўнікамі. Гаворка пойдзе пра выпускніка 2018 года дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа” Дзмітрыя Ламаку. Будучы яшчэ ў старэйшых класах, хлопец вызначыўся з выбарам прафесіі. Любімы прадмет у школе – фізічная культура і здароўе. Добрая фізічная форма, удзел у шматлікіх спаборніцтвах за гонар школы і раёна, неаднаразовыя перамогі – усё станоўча паўплывала на лёс юнака. А тут і яскравы прыклад настаўніка, які ўсё жыццё займаецца фізкультурай і спортам.
Аляксандр Русак – заўсёды ў выдатнай форме, мае добры настрой, пачуццё гумару, прыходзіць на дапамогу сваім вучням і мае цудоўныя арганізатарскія здольнасці. Нашы вучні з задавальненнем займаюцца спортам, каб быць такімі ж стройнымі і прыгожымі, як іх настаўнік. І Дзмітрый не выключэнне.
Пасля заканчэння школы юнак па мэтавым накіраванні паступае ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на факультэт “Фізічная культура і здароўе”, дзе паспяхова вучыцца. У спорце аддае перавагу валейболу, свой вольны час праводзіць з мячом. Пры любой магчымасці наведвае школу, сустракаецца з вучнямі і настаўнікамі, такі ж адказны, сур’ёзны і ветлівы, як і ў школьныя гады. У час вучобы ва ўніверсітэце закончыў ваенную кафедру і ўжо атрымаў званне.
Вучэбную практыку праходзіў у гімназіі № 6 г. Гродна, спартыўным лагеры. Ён знайшоў падыход да вучняў і ні аднаго разу не пашкадаваў аб тым, што выбраў настаўніцкую прафесію. У 2022 годзе Дзмітрый Ламака закончыць навучанне і прыйдзе маладым спецыялістам у наш Мастоўскі раён, стане на адну прыступку са сваім настаўнікам.
Мы, яго педагогі, упэўнены, што сваёй працай, добрымі справамі, сваімі адносінамі да роднай краіны, сваіх каранёў, уласным прыкладам Дзмітрый зможа ўнесці часцінку сябе ў будучы росквіт Мастоўшчыны, прыцягне да заняткаў фізкультурай і спортам падрастаючае пакаленне.
Рэгіна Дравіца,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад