20 снежня 2024 года адбылася важная падзея ў жыцці настаўнікаў і вучняў ДУА “Правамастоўская сярэдняя школа”: дырэктару школы Мікалаю Ярцу было ўручана пасведчанне аб прысваенні школе імя Станіслава Іванавіча Баўтрукевіча.
Хто такі Станіслаў Баўтрукевіч? Чаму вучні школы вырашылі захаваць імя знакамітага земляка на малой радзіме?
Нарадзіўся ён 25 мая 1940 года ў вёсцы Масты Правыя ў сям’і Івана Іванавіча і Юліі Міхайлаўны Баўтрукевіч. Скончыў на выдатна Права-Мастоўскую сямігодку. Пасля заканчэння паступіў у Гродзенскае медыцынскае вучылішча па спецыяльнасці “фельчар”. У 1958 годзе накіраваны працаваць санітарным фельчарам у Мастоўскую ўчастковую бальніцу, якая знаходзілася ў вёсцы Масты Правыя.
У 1961 годзе Станіслаў Іванавіч – студэнт лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння ўстановы на выдатна працуе малодшым навуковым супрацоўнікам пры кафедры інстытута Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі. У 1969 годзе – асістэнт кафедры тапаграфічнай анатоміі і аператыўнай хірургіі.
Шлях медыцынскага работніка складаны. Атрымаўшы дыплом, доктар не перастае вучыцца, таму што дзейнасць у галіне медыцыны патрабуе пастаяннага павышэння ўзроўню прафесійнай кваліфікацыі.
Далей была паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі, пасада асістэнта на кафедры хірургіі, асістэнт кафедры траўматалогіі, артапедыі і ваенна-палявой хірургіі. Вельмі шмат працаваў як доктар, займаўся даследаваннямі.
14 мая 1981 года разам з калегамі Развадоўскім В.Д., Каркузашвілі У.Т. атрымаў пасведчанне на вынаходніцтва “Спосабы кансервацыі біялагічных тканін”. Станіслаў Іванавіч абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскве і, будучы прафесарам, загадчыкам кафедры інстытута, узначаліў траўматалагічны цэнтр.
З 1993 года з’яўляўся членам савета па абароне дысертацый ДУ”РНПЦ” траўматалогіі і артапедыі. Для ўдасканалення свайго майстэрства самастойна вывучаў нямецкую мову і праходзіў стажыроўкі ў Германіі, Аўстрыі. Усе свае веды і навыкі ён выкарыстоўваў для таго, каб унесці асабісты ўклад у развіццё беларускай медыцыны.
З 1995 года – эксперт Вышэйшай атэстацыйнай камісіі па хірургічных дысцыплінах, член Цэнтральнага метадычнага савета пры Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.
Па ініцыятыве Станіслава Іванавіча і пад яго кіраўніцтвам у 1995 годзе быў створаны абласны траўматалагічны цэнтр пры Гродзенскім клінічным аб’яднанні “Хуткая медыцынская дапамога”, які ўзначальваў да 2010 года.
Станіслаў Іванавіч Баўтрукевіч кіраваў шасцю дзяржаўнымі і рэгіянальнымі навукова-тэхнічнымі праектамі, з’яўляўся членам міжнароднага грамадства траўматолагаў-артапедаў. За паслугі і ўклад у развіццё беларускай навукі і аховы здароўя ў 2000 годзе Станіславу Іванавічу Баўтрукевічу было прысуджана ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.
У 2011 годзе вучоны абраны доктарам honoris causa Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Праца С.І. Баўтрукевіча адзначана больш чым 100 дыпломамі, ганаровымі граматамі, сертыфікатамі розных узроўняў, медалём “Ветэран працы”. Ён апублікаваў 375 навуковых прац, 24 аўтарскія пасведчанні, 18 метадычных пісьмаў і інструкцый, 7 манаграфій. Пад яго кіраўніцтвам былі падрыхтаваны і абаронены 4 доктарскія і 19 кандыдацкіх дысертацый.
Станіславам Іванавічам была створана Рэспубліканская школа косна-пластычных хірургаў, дзе выкарыстоўвалася прпанаваная ім методыка кансервавання і стэрылізацыі біялагічнай тканіны ў слабых растваральніках альдэгідаў. Вынаходніцтвы доктара выкарыстоўвалі ў клінічнай практыцы не толькі ў Беларусі, але і за межамі, і нават у Афрыцы. Удзельнічаў Станіслаў Іванавіч у міжнародных медыцынскіх аглядах-кансіліумах артапедаў, праводзіў планавыя аперацыі. С.І. Баўтрукевічам сумесна з навуковымі супрацоўнікамі А.Ф. Смеяновічам і Ф.В.Бялецкім быў распрацаваны медыцынскі дапаможнік “Альдэгіды ў пластычнай хірургіі”.
29 лістапада 2012 года не стала нашага славутага земляка, але памяць аб ім застаецца ў нашых сэрцах і добрых справах аднавяскоўцаў, захоўваецца на яго малой радзіме. На музейных паліцах фотаздымкі і медыцынскі халат 1975 года, перададзены сям’ёй Станіслава Іванавіча, у якім ён абараняў кандыдацкую дысертацыю ў 1972 годзе. Дачка, Юлія Станіславаўна, і жонка, Галіна Мікалаеўна, з якімі гурткоўцы падтрымліваюць адносіны, перадалі не толькі асабістыя рэчы, граматы, сертыфікаты, пасведчанні, якія размешчаны ў раздзеле “Гонар школы” краязнаўчага музея “Этнаграфія роднага краю”, але і дазволілі школе прысвоіць імя Станіслава Іванавіча Баўтрукевіча.
Мы верым, што добрая справа вучонага будзе пашырацца нашымі выпускнікамі, студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Вялікі прарыў у галіне медыцыны быў зроблены нашым славутым вучнем і земляком, таму памяць аб ім павінна захавацца на малой радзіме. Ганаруся, што цяпер я вучаніца “Правамастоўскай сярэдняй школы імя Станіслава Іванавіча Баўтрукевіча”.
Дар’я Палубятка,
член аб’яднання па інтарэсах
“Музейная справа”,
кіраўнік Цяслюк Галіна Іосіфаўна
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад