Прыступка ў будучыню. Менавіта так можна ахарактарызаваць эксперыментальную дзейнасць педагогаў і вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”.
Усведамляючы неабходнасць навучальнай установы рухацца наперад і працаваць у рэжыме развіцця, наша школа адзіная ў раёне далучылася да рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта, накіраванага на стварэнне ўмоў для праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнцаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.
Мэта эксперыментальнай дзейнасці – вызначэнне найбольш эфектыўных спосабаў арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання і як вынік – павышэнне якасці адукацыі. Важнейшымі фактарамі паспяховай рэалізацыі эксперыментальнага праекта з’яўляецца актыўная пазіцыя педагогаў і навучэнцаў, пошук новых педагагічных і метадычных падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Вучні Лунненскай школы аднымі з першых у краіне мелі магчымасць вывучаць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, пачынаючы з пятага класа. Выбар прадметаў быў разнастайным. Гэта беларуская, руская, англійская мовы, матэматыка, гісторыя Беларусі, біялогія. Дапрофільная падрыхтоўка дазваляе стварыць умовы для павышэння гатоўнасці вучняў да самавызначэння і асэнсаванага выбару профіля навучання.
Асаблівая ўвага ва ўстанове адукацыі надаецца дзесяцікласнікам. Пераход да навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі – важная прыступка ў жыцці навучэнцаў, гэта час, калі патрэбна самастойна, свядома і абгрунтавана зрабіць выбар сваёй будучай прафесіі, вызначыцца з прадметамі для вывучэння на павышаным узроўні. Профільнае навучанне ставіць мэту даць навучэнцам магчымасць паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і працягнуць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі без асаблівых цяжкасцей.
За гады дзейнасці вучні эксперыментальных груп станавіліся прызёрамі раённага этапу алімпіяд па вучэбных прадметах, пераможцамі абласнога конкурсу даследчых работ вучняў “Крыштальная Альфа” і даследчых конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню. Дзве вучаніцы школы атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, 6 вучняў – стыпендыю Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта адораным дзецям.
Поспех любой справе забяспечваюць творчыя і ініцыятыўныя педагогі, здольныя прыняць ідэю інавацыі і крок за крокам увасабляць яе ў жыццё. Намаганні настаўнікаў накіраваны не толькі на атрыманне навучэнцамі трывалых ведаў па прадметах, але і на псіхалагічную падтрымку, забеспячэнне паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў у грамадстве. Актыўнымі ўдзельнікамі эксперыментальнай дзейнасці з’яўляюцца настаўнікі школы А.М. Чэрнік, Л.У. Эйсмант, А.В. Лука, Т.М.Жук, В.С. Пабежка, Ж.М. Гаспер, В.М. Жыдовіч, М.А. Базарская. Я з гонарам магу сказаць, што шэраг рэкамендацый нашых педагогаў па арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання знайшлі адлюстраванне ў метадычных рэкамендацыях Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Датычнасць да вызначэння шляхоў сучаснай адукацыі выклікае пачуццё задаволенасці сваёй працай, прыводзіць да ўсведамлення значнасці сваёй дзейнасці, маральнага задавальнення.
Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што эксперыментальная дзейнасць у нас педагагічна мэтазгодная, маштабная, асобасна арыентаваная і, вядома ж, выніковая. Гэта своеасаблівая прыступка ў будучыню, імпульс для далейшага развіцця.
Ірына Сільвановіч,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад