
21 лютага – Дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для тых, хто ганарыцца сваёй краінай, яе гісторыяй, насельнікамі, зямлёй і беларускай мовай.
Каб павысіць свой моўны ўзровень, трэба шмат чытаць, пісаць, слухаць песні, глядзець перадачы на беларускай мове. У ёй схавана таямніца жыцця нашых продкаў, там знаходзяцца душэўныя “лекі” векавой мудрасці бабуль і дзядуль, матуль і татаў, нават самага далёкага продка. Варта прыслухацца да кожнага слоўца, да кожнага гуку.
Падчас удзелу ў конкурсе сачыненняў-эсэ “Я гэты край радзімаю заву” нашы вучні адзначылі:
- Я люблю беларускую мову за тое, што яна ўносіць у нашае жыццё пазнанне свету…
- Фарміруе з нас сапраўдных беларусаў, дазваляе дакрануцца да мінулага любога часу…
- Мы насычаемся праз літаратуру ўсім тым лепшым, што змаглі зрабіць пісьменнікі сваім пяром, сваёй адкрытай душой сапраўднага беларуса, сваім бачаннем, а галоўнае – беларускай мовай.
У ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава” таксама адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты святочны дзень адбыўся шэраг мерапрыемстваў: конкурс чытальнікаў вершаў “Гучыць слова звонкае”, квэст-гульня “Беларуская скарбонка”, конкурс сачыненняў-эсэ “Я гэты край радзімаю заву”, вусны часопіс “Сэрцам роднага слова краніся”, акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, інфармацыйная гадзіна “Славутыя сыны сваёй краіны”, конкурс малюнкаў “Песняры беларускага краю”, абласны дыктант “Успаміны маленства”. Для вучняў распрацаваны былі розныя заданні: ад перакладу да ўзнаўлення зместу, ад загадкі да верша, ад арфаграфіі да стылю. Рабяты пашырылі кругагляд, узнавілі веды, спаборнічалі не толькі паміж сабой, але і са старэйшымі класамі. Самае галоўнае – далучыліся да захавання беларускага скарбу, гісторыі, культуры, памяці.
Я, як патрыёт і ахоўнік нашай беларускай спадчыны, вельмі рада чуць, што цікавасць да беларускай мовы застаецца ў школе. Вучні на перапынках вітаюцца па-беларуску, звяртаюцца і абмяркоўваюць дзіўныя для іх словы, пра якія пачулі на ўроку, жартуюць пасля разгляду вясёлага верша, цікавяцца перакладам “цяжкіх” рускамоўных слоў. У сваю чаргу, імкнуся выклікаць павагу да нашай роднай мовы ў кожнага дзіцяці, бо ад іх залежыць яе папулярнасць. Спадзяюся, што свет іх не абмяжуецца ўрокамі беларускай мовы і літаратуры, яны далей будуць ісці побач з нашай нацыянальнай каштоўнасцю, будуць яе папулярызаваць і перадаваць наступнаму пакаленню.
Дзень атрымаўся насычаным, а вучні засталіся задаволенымі.
Крысціна ВАХРУШАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад