Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Дзень бібліятэк на Мастоўшчыне

Дзень бібліятэк на Мастоўшчыне14 сентября 2018 — 16:26

Творчасці, энергіі і фантазіі работнікам Мастоўскай раённай бібліятэкі не
займаць. Тут умеюць здзівіць і зацікавіць наведвальнікаў новымі крэатыўнымі формамі арганізацыі мерапрыемства, зрабіць чытача актыўным удзельнікам працэсу пазнання.

Так, летась многія мастаўчане прынялі ўдзел у фотакросе “Горад чытае”. Сёлета адным са знакавых мерапрыемстваў стала бібліяноч “Падарожжа па кніжным Сусвеце”, дзе з традыцыйнай сустрэчы з пісьменнікам і мясцовымі паэтамі чытачы маглі трапіць у салон варажбы і на майстар­клас па вырабу кветак з паветраных шароў, адчуць на сабе ўздзеянне бібліятэрапіі і дружнымі апладысментамі прывітаць бібліяфеерверк.

А як весела, шумна і радасна становіцца ў раённай дзіцячай бібліятэцы, калі свае дзверы адчыняе “Зялёны востраў”! Тут і гульні, і віктарыны, і творчыя заданні, і салодкія сюрпрызы для юных наведвальнікаў. Дарэчы, пазнаёміцца з патэнцыялам гульнёвай пляцоўкі жыхары раёна маюць магчымасць у час гарадскіх і раённых святаў. Тут жа можна знайсці “цікавінку” на літаратурнай выставе, адпачыць на бібліяканапе, ці стаць удзельнікам бібліятэчнага квілту, як падчас чарговага святкавання дня нараджэння нашага горада.

А вось вяскоўцы ў вызначаныя дні чакаюць прыезду бібліобуса, які абслугоўвае звыш 750 чытачоў у 38 сельскіх населеных пунктах.

Малюнкі на шкле

і вечары паэзіі

Безумоўна, многае залежыць ад асобы бібліятэкара. А яны, па словах дырэктара ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” Таццяны Стэльмах, усе людзі творчыя, актыўныя і неардынарныя, адданыя любімай справе.

Як, напрыклад, Сняжана Чарніцкая, што працуе ў Струбніцкай бібліятэцы. Пад яе творчым кіраўніцтвам дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Краіна талентаў”, дзе мясцовыя рабяты вучацца маляваць па шкле, вырабляць аплікацыі са шкарлупіны яйца і здзіўляць вырабамі з газетных трубачак.

Добра наладжана работа з юнымі чытачамі таксама ў Зарудаўі, Пацавічах, Рагозніцы, Мілявічах, Мікелеўшчыне, Гудзевічах і Правых Мастах.

Складана ўявіць Харціцкую бібліятэку без Соф’і Брыцько, як, дарэчы, і яе без любімай работы, якой аддадзена 45 гадоў жыцця. У бібліятэцы, дзякуючы майстэрскім здольнасцям і цікавым знаходкам гаспадыні, пануе атмасфера шчырасці, духоўнасці і высокай культуры. Ужо размяняўшы шосты дзясятак, Соф’я Юльянаўна паспяхова асвоіла камп’ютар і іншыя сучасныя тэхналогіі.

Гадзіна кулінарнага майстэрства і прымянення лекавых траў, вечары адпачынку, экскурсіі і святочныя касцюміраваныя пасяджэнні – усё гэта формы работы аматарскага аб’яднання “Зносіны”, што працуе пры Пескаўскай бібліятэцы пад кіраўніцтвам Галіны Гайдаш. Настаўнік па адукацыі, яна здолела праявіць сябе і ў сферы культуры, дзе таксама трэба “гарэць” справай, укладваць ў яе душу і весці за сабой.

Такая ж жыццёвая і прафесійная ўстаноўка і ў бібліятэкара Стральцоўскай бібліятэкі Ніны Марчык. У гэтай сельскай скарбніцы кніг захоўваецца ўнікальны матэрыял пра гісторыю мясцовага калгаса, вёскі, яе людзей, што сабраны і беражліва захаваны Нінай Мікалаеўнай. Часта ён выкарыстоўваецца на вечарах паэзіі і краязнаўства, якія арганізоўваюцца для членаў аматарскага аб’яднання “Сустрэчы”.

А вось лунненскія жанчыны, што наведваюць аб’яднанне “Сучасніца” ў сваёй бібліятэцы, вывучаюць родны край і Беларусь не па кніжках, а падчас экскурсій і падарожжаў. Іх яны здзяйсняюць разам з бібліятэкарам Марынай Навіцкай.

Плённае супрацоўніцтва з мясцовым цэнтрам вольнага часу і культуры наладжана ў Дубненскай бібліятэкі пад кіраўніцтвам Наталлі Кіслай – чалавека творчага, энергічнага, які да кожнага мерапрыемства падыходзіць не толькі адказна, але і з творчым крэатывам.

Віншуем

з Днём бібліятэк!

Сёння, 15 верасня, бібліятэкары нашай краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята, але на думку саміх работнікаў, гэтая дата тычыцца ўсіх, хто любіць добрую кнігу і імкнецца стаць багацей душой.

­ Хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці і прызнання ўсім работнікам і ветэранам ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” за іх самаадданую працу і вернасць абранай справе, ­ звярнулася да калег дырэктар Таццяна Іосіфаўна Стэльмах. – Жадаю творчага пад’ёму, натхнення і поспеху ва ўсіх пачынаннях, а нашым чытачам – каб у іх заўсёды быў час прыемна правесці яго ў кампаніі  надзейных сяброў ­ кніг.

 Н.ШЭЎЧЫК

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио