Зразумела, каб жыць у прыгожай краіне, неабходна прыкласці для гэтага намаганні – навесці парадак на сваёй малой радзіме, там, дзе ты жывеш. Асабліва актуальна гэта ў Год малой радзімы. З гэтай нагоды Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіцца экалагічная кампанія “Уладкуем малую радзіму”.
Не застаюцца ўбаку ад гэтай глабальнай справы і навучэнцы Рагозніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Ужо сталі традыцыйнымі такія акцыі, як “Чысты двор”, “Чысты бераг”, “Дапамажы прыродзе”, шматлікія мерапрыемствы і канкрэтныя справы. Невыпадкова, што наша школа займае прызавыя месцы ў розных конкурсах па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Нельга не захапляцца ў розныя поры года “жывой” агароджай у выглядзе геаметрычных фігур, што з’яўляецца візітнай карткай установы адукацыі.
Тым не менш, кожны год стараемся не толькі захаваць тое, што маем, але і стварыць новае. Не стаў выключэннем і цяперашні: было вырашана пасадзіць малады яблыневы сад. Ідэя гэтая многім прыйшлася па душы: кожны можа ўнесці пасільны ўклад у агульную справу.
І вось набыты першыя 22 маладыя саджанцы, на пасадку якіх выйшлі вучні з розных класаў. Мерапрыемствы гэтае, нягледзячы на восеньскае надвор’е, стала для дзяцей знамянальнай падзеяй.
– Мы пасадзілі дрэвы ўпершыню. Знаем, што іх трэба паліваць, даглядаць. Калі яны вырастуць, мы таксама будзем дарослымі. Мы ў адказе за тое, што сёння пасадзілі, – успамінаюць вядомую фразу і дзеляцца ўражаннямі вучні 6 класа.
Асаблівы ўклад у такую важную справу ўнеслі і мы, навучэнцы выпускнога 11 класа са сваімі бацькамі, набыўшы за ўласныя сродкі 8 маладых саджанцаў. Мы ганарымся тым, што пакідаем школе памяць аб сабе, лічым, што толькі добрыя і карысныя справы могуць зрабіць жыццё лепшым, а родны дом прыгажэйшым. На нашу думку, нікога ў будучым не зможа пакінуць раўнадушным майскі яблыневы сад у бела-ружовай квецені, а затым і магчымасць пачаставацца духмянымі яблыкамі.
Настасся Дзямідзік,
вучаніца 11 класа
Рагозніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад