Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Дарогу асіліць той, хто ідзе: жыццёвыя і прафесійныя прыярытэты Веры Бялайц

Дарогу асіліць той, хто ідзе: жыццёвыя і прафесійныя прыярытэты Веры Бялайц23 июля 2021 — 11:30

Ужо два гады ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №2 г.Масты” функцыянуе клас з вывучэннем школьных прадметаў на беларускай мове. Настаўнікам у ім з’яўляецца Вера Бялайц.

     Шлях у прафесію для Веры Міхайлаўны пачаўся з навучання ў Брэсцскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна, пасля заканчэння якога яна трапіла  па размеркаванні ў сярэднюю школу №3 імя В.М.Усава г. Гродна. Энэргічная, актыўная, мэтанакіраваная, маладая настаўніца пачатковых класаў адразу звярнула на сябе ўвагу кіраўніцтва, і ўжо праз некалькі месяцаў работы яе прызначаюць вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі школы.

    Праз два гады Вера Міхайлаўна прыходзіць працаваць у сярэднюю школу №2 г. Масты, дзе і настаўнічае да гэтага часу вось ужо 32 гады.

    З самага пачатку свайго прафесійнага шляху Вера Міхайлаўна выразна ўсвядоміла, што настаўнік  пачатковых класаў – гэта педагог, які павінен займацца  не толькі навучаннем, але і выхаваннем малодшых школьнікаў.        

     Па волі лёсу Вера Міхайлаўна знаёміцца з настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы в. Бялавічы Мастоўскага раёна айцом Васіліем. З’яўляецца  ідэя арганізаваць цыкл сустрэч святара з вучнямі класа. Так духоўна-маральнае выхаванне становіцца прыярытэтным у рабоце педагога на працягу многіх гадоў.

     Пасля гэтага было шматгадовае супрацоўніцтва з айцом Уладзімірам, настаяцелем Свята-Ільінскай царквы г. Масты. Арганізоўваліся шматлікія паломніцкія паездкі для вучняў і іх бацькоў па святых месцах гарадоў Мінска, Брэста, Гродна, Полацка; было арганізавана каля 200 паездак у Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр; праводзіліся тэматычныя сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі; былі наведаны ўсе праваслаўныя храмы Мастоўшчыны; сабрана калекцыя з больш 100 кніг Б.А.Ганага, вядомага дзіцячага  праваслаўнага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі ў справе духоўнага адраджэння Беларусі. За асабісты ўклад у духоўнае выхаванне моладзі  ў  2010 годзе Вера Міхайлаўна была ўзнагароджана Падзячным пісьмом Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта і Ганаровай граматай Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

    Экскурсійная дзейнасць Веры Міхайлаўны не абмяжоўваецца наведваннем праваслаўных храмаў і святых месцаў. Разумеючы важнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, яна рэгулярна арганізуе паездкі ў Брэсцскую крэпасць, у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў г. Мінску, у мемарыяльны комплекс Хатынь, на заставу Героя Савецкага Саюза В.М.Усава, мемарыяльны комплекс ля в. Шымкі Мастоўскага раёна. Перад кожнай паездкай праводзіцца вялікая падрыхтоўчая работа.

     Разумеючы, што духоўнае здароўе чалавека цесна звязана з фізічным,  Вера Міхайлаўна пачынае актыўна прапагандаваць здаровы лад жыцця і прывіваць яго сваім вучням. У 1999 годзе распрацоўвае аўтарскую праграму факультатыўнага курса «Здаровы лад жыцця» для пачатковых класаў. У 2000 годзе  з’яўляеццая аналагічная праграма для вучняў V – VII класаў,  у 2002 годзе – для вучняў VIII – IX класаў, а ў 2007 годзе зацвярджаецца распрацаваная Верай Міхайлаўнай праграма факультатыўнага курса «Медыцына і здароўе» для вучняў VI – X класаў. Паралельна з распрацоўкай праграм і іх апрабацыяй актыўна займаецца самаадукацыяй у дадзеным накірунку. У 2000 годзе заканчвае курсы класічнага лячэбнага масажу на кафедры спартыўнай медыцыны ГрДУ ім. Я.Купалы. У 2001 годзе паступае ў УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі» па спецыяльнасці «Прафесійнае навучанне”. Паспяхова заканчвае яго ў 2003 годзе, атрымаўшы дыплом аб перепадрыхтоўцы з адзнакай з прысваеннем кваліфікацыі «Педагог, метадыст па аздараўленчай рабоце». Набытыя веды і ўменні настаўнік пачынае адразу ж прымяняць на практыцы. На працягу 16 гадоў Вера Міхайлаўна ў вольны ад вучэбных заняткаў час робіць масаж сваім вучням, а таксама  настаўнікам, праводзіць фітатэрапію і ароматэрапію. У рамках рэалізацыі факультатыўнага курса «Медыцына і здароўе»  навучае старэйшых школьнікаў элементам масажу. Вынікам гэтай работы становіцца атрыманне імі пасведчанняў з правам правядзення касметычнага масажу пасля здачы экзамена на кафедры спартыўнай медыцыны ГрДУ імя Я. Купалы.

     Захапленне Веры Міхайлаўны медыцынай перадавалася і яе вучням. Самым паказальным у гэтым плане быў адзін з яе выпускаў, у якім з 19 вучняў 10 пасля заканчэння школы выбралі медыцынскія прафесіі.

     Адна з важных складаючых здаровага ладу жыцця – заняткі фізкультурай і спортам, таму на працягу  многіх гадоў Вера Міхайлаўна падтрымлівае  цесную сувязь з трэнерамі СДЮШАР г. Масты. Большасць яе вучняў ужо з другога  класа пачынае наведваць секцыю  баскетбола, цікавасць да якога настаўнік прывівае з пачатку навучання ў школе.  Не дзіўна, што сярод выпускнікоў Веры Міхайлаўны нямала трэнераў па баскетболе, а таксама членаў зборнай каманды вобласці. Апошні выпуск пачатковай школы – спецыялізаваны па спорце (баскетболе) клас.

    За час работы ў нашай школе Вера Міхайлаўна праявіла сябе ў розных сферах дзейнасці: член прафсаюзнага камітэта школы, кіраўнік раённага метадычнага  аб’яднання настаўнікаў  пачатковых класаў, член творчай групы па рэалізацыі інавацыйнага праекта.  Яна не проста настаўнік. Гэта выкладчык, выхавацель, арганізатар дзейнасці дзяцей, актыўны ўдзельнік  зносін з вучнямі, іх бацькамі і калегамі, кансультант, асветнік  і грамадскі актывіст. Пастаянна павышае ўзровень свайго прафесіяналізму і педагагічнага майстэрства, вядзе творчы пошук  новага. Гэта педагог-наватар, сапраўдны падзвіжнік сваёй справы, яркая асоба, здольная пераадольваць любыя цяжкасці і працаваць творча. Не дзіва, што ўсе пачатыя Верай Міхайлаўнай справы атрымлівалі падтрымку і адабрэнне з боку кіраўніцтва і бацькоў яе вучняў. За дасягнутая поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Вера Міхайлаўна не адзін раз узнагароджвалася Ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў.

     Хацелася  б, каб такіх педагогаў, як Вера Міхайлаўна Бялайц, было як можна больш, каб маладыя настаўнікі, беручы з яе прыклад, не баяліся ставіць перад сабой мэты, якія будуць дазваляць ім пастаянна павышаць узровень свайго прафесійна-асобаснага развіцця. Бо, як сцвярджае народная мудрасць,  «дарогу асіліць той, хто ідзе».

 

 

Наталля Папянюк,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Масты”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио