18 декабря 2025 — 15:13
У рамках адкрыцця навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў ДУА “Пескаўская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза В. І. Яронькі” быў арганізаваны майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў.
Да акцыі далучыліся настаўнікі, дзеці, а таксама іх мамы, якія ў фае школы пад чулым кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Алены Пятроўны Смачэк з дапамогай нажніц і клею, іголак і нітак, бусінак і бліскаўкаў ператваралі яркія кусочкі тканіны ў цудоўных чырвоных конікаў, сімвала надыходзячага года.
Цёплая сяброўская атмасфера, сумесная праца, узаемадапамога і навагодняя тэматыка дапамаглі ўсім удзельнікам адчуць набліжэнне Калядаў. Колькі эмоцый, радасці і захаплення зведалі дзеці і дарослыя! Кожны змог раскрыць свой талент, асвоіць тэхніку вырабу навагодняга сувеніра.


Вынікі пераўзышлі ўсе чаканні! На свет з’явіліся ўнікальныя навагоднія цацкі, і кожная са сваім характарам і адметнасцю, і ў кожнай кропелька фантазіі, старання і прадчування свята. Усе ўдзельнікі мерапрыемства панеслі з сабой яркія ўражанні, сакрэты майстэрства, упэўненасць у сваіх здольнасцях і цудоўны навагодні настрой.


Прыгожыя чырвоныя конікі папоўнілі майстэрню Дзеда Мароза, куды навучэнцы, бацькі і настаўнікі прыносяць падарункі. Прыносяць цацкі і цукеркі, каб стварыць цуд для абяздоленых дзяцей, каб падзяліцца з імі душэўным цяплом, любоўю і клопатам. Вельмі хутка гэтыя падарункі атрымаюць дзеці з дамоў сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г.Масты, дзеці-інваліды. Цуд ствараюць тыя, хто заўсёды памятае, што побач ёсць дзеці, якім патрэбны дапамога і разуменне. Мы хочам падарыць гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам часцінку цяпла, радасці і добрага настрою.



Самае галоўнае для нас – у час любімых і светлых навагодніх свят, калі ўсе мы верым, што збудуцца нашы мары, чакаем Дзеда Мароза і Снягурачку, не пакінуць без увагі дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Самае галоўнае – стварыць для іх цуд сваімі рукамі і ўкласці ў яго цеплыню свайго сэрца.




Галіна ГАЛАВЕНКА, настаўнік рускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад