Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбществоГод исторической памятиКультураМолодёжьМолодёжьСельская жизньСельская жизньСоциумОбщественная жизнь

Цікававая вандроўка ў этнаказку

29 ноября 2022 — 15:31

Вядомы літаратуразнавец Адам Мальдзіс сцвярджаў, што чалавека можна параўнаць з птахам, адно крыло якога – мінулае, другое – будучае. Калі не дзейнічае адно крыло, то птах губляе раўнавагу, арыентацыю ў часе і прасторы і непазбежна падае ў прорву бездухоўнасці. Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, ён становіцца перакаці-полем ці ператвараецца ў засохлую траву – пералёт, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць, зямля…

Фарміраванне грамадзяніна і патрыёта сёння з’яўляецца галоўнай мэтай і сацыяльным заказам грамадства, які выконвае школа, сям’я, грамадскія арганізацыі.

У Канцэпцыі непарыўнага выхавання дзяцей і навучэнцаў ў Рэспубліцы Беларусь адзначана, што выхаванне цесна звязана з паўсядзенным жыццём, з асаблівасцямі жыццядзейнасці ў рэгіёнах. Чалавек заўсёды з’яўляецца часткай цэлага: народа, нацыі, рэлігійнага вераўспрымання, з якімі ён звязаны непарыўнымі духоўнымі сувязямі як суб’ект адпаведнай культуры. Асаблівае значэнне мае такая вылучаная ў Канцэпцыі задача выхавання, як фарміраванне патрыятызму і грамадзянскасці, заснаваных на любові да сваёй зямлі, народа, мовы, павазе да гісторыі Айчыны, яе культуры.

Кожны куток Беларусі захаваў моўныя, фальклорныя, этнаграфічныя і іншыя асаблівасці, звычаі і традыцыі. Ёсць такі куток і ў нас на Мастоўшчыне, гэта аграгарадок Гудзевічы.

Экскурсійны маршрут на восеньскіх канікулах прывёў нас, вучняў Азёркаўскай сярэдняй школы, у Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Нас гасцінна сустрэлі работнікі музея. Прыветлівы экскурсавод Сідар Мая Антонаўна правяла ўводную гутарку, з якой вучні даведаліся, што Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей створаны на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу стварыў былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Школьны музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам.

Усе калекцыі складзены ў ходзе шматгадовай краязнаўчай дзейнасці А. М. Белакоза і яго вучняў. Вялікая частка экспанатаў падорана знакамітымі наведвальнікамі музея. У адной з залаў размешчана фенаменальная калекцыя рукапісаў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў другой паловы ХХ ст., якая паўстала дзякуючы актыўнаму ліставанню з дзеячамі беларускай культуры.
Ідзем далей за экскурсаводам, і нашай увазе прапануюцца экспанаты з калекцыі ткацкіх вырабаў, сярод якіх узоры знакамітага падвойнага ткацтва, зацікавілі вучняў і цыклы апрацоўкі лёну. У зале “Практычнае ткацтва” экскурасвод распавядае пра дзеючыя вялікія кросны, на якіх супрацоўніцы музея ткуць падвойныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі.
Вучні з захапленнем слухалі экскурсавода, якая змястоўна распавядала пра асноўныя вехі гісторыі нацыянальнай культуры, у якую арганічна ўплецены постаці мясцовых рупліўцаў духоўнай спадчыны.

Асобную частку складае этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата канца XVIII ст.” – адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага захаванага жылля двухсотгадовай даўніны. Вучні мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца са штодзённым жыццём беларускага селяніна, даведацца пра значэнне розных прыладаў і прыстасаванняў сялянскай працы і побыту. Зэдаль, услончык, рагачы, чапяла, цэп, мухалоўка, гаршчок… Багатая калекцыя прыладаў працы выклікае шмат пытанняў у ўважлівых і кемлівых вучняў. Гутарка з экскурсаводам дае магчымасць істотна паглыбіць уласныя веды пра дабрабыт селяніна.

Музей мае непаўторную аўру, якая народжана з такіх складнікаў, як арыгінальнасць усіх экспанатаў, асабістая духоўная блізкасць аўтараў мастацкіх твораў да музея і яго стваральнікаў.
Мы былі ўдзячны экскурсаводу Ліліі Іосіфаўне Рэйшаль за такі змястоўны аповед і шчыры прыём. Прыемна было пачуць, што нашы вучні паводзілі сябе карэктна і пакінулі добрае ўражанне ў супрацоўнікаў музея.

А яшчэ мы завіталі ў госці да Сымоніхі і Лявоніхі. Дзецям вельмі спадабалася анімацыйная праграма «У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі», дзе можна было паўдзельнічаць у конкурсах з песнямі, загадкамі, танцамі пад жывы гук і атрымайць салоднкія падарункі.

Задаволеныя і шчаслівыя, мы павярнулі назад дадому, ловячы сябе на думцы, што ўсё прыемнае заканчваецца вельмі хутка. І калі вучні пыталіся, калі мы паедзем зноў на экскурсію, настаўнікі ўсміхаліся і былі ўпэўнены ў тым, што робяць неабходную і патрэбную справу: неабходна далучаць маладое пакаленне да гістарачнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны.

Таццяна ГАЛАВАЧ,

класны кіраўнік 7 класа ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио