Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовИрина БочкоНовости МостовщиныНаш край

Чым здзівіла гасцей фальклорнае свята ў Вялікіх Азёрках

Чым здзівіла гасцей фальклорнае свята ў Вялікіх Азёрках03 июня 2019 — 10:43

Традыцыйнае фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны” адбылося ў Вялікіх Азёрках. Але ў гэтым годзе яно мела шэраг асаблівасцей. Чым жа яно здзівіла гасцей?

 

Вось ужо некалькі гадоў запар у аграгарадку ладзіцца прыгожае, цудоўнае, сардэчнае свята, якое выклікае цікавасць не толькі ў мясцовых жыхароў, але і ў сталічных. Кожны год сюды прыязджаюць госці з розных рэгіёнаў нашай краіны. Уся справа ў тым, што  ім хочацца пабачыць ужо даволі вядомую Котчынскую кадрылю, уключаную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Трэба адзначыць, што Котчынская кадрыля – узор нематэрыяльнай культуры, якая захоўвае поўную аўтэнтычнасць і дакладнасць. Вось ужо шэсць пакаленняў мясцовых жыхароў выконваюць гэты танец і перадаюць яго сакрэты наступнаму. Танец, асаблівасці якога яшчэ паўстагоддзя таму назад мясцовыя жыхары перадавалі, як кажуць "з нагі ў нагу", спакон веку бытаваў у Котчыне. З цягам часу вёска састарэла, моладзь з’ехала, клуб закрылі… Можа, і зніклі б скокі з адметным мясцовым каларытам, калі б не перавандравала традыцыя ў суседнія Вялікія Азёркі. Тамтэйшыя вяскоўцы з імпэтам перанялі котчынскую кадрылю і цяпер даюць з ёй жару на розных вясковых святах. 

Дарэчы, раней, як расказвалі старажылы, у танцы было не 20, а нават 24 калена. А вячоркі, дзе скакалі кадрылю, маглі зацягнуцца ў клубе аж да гадзіны ночы. Але і сёння жыхары працягваюць танцаваць Котчынскую кадрылю, і нават праводзяць майстар-классы для ўсіх жадаючых.

 Танцавальныя фігуры адасабляюцца адна ад адной музычнымі паўзамі: “Мышка”, “Полька”, “Залёты”, “Завіванне”, “Мосцік”. Іх колькасць можа быць большай ці меншай у залежнасці ад фармату свята).  Спачатку саліруе асноўны (дарослы) склад калектыву, а потым уступаюць дзеці. Глядзець на гэтае дзейства можна бясконца: так прыгожа, з задорам і радасцю выконваюць яе вяскоўцы аграгарадка Вялікія Азёркі. Адразу адчуваецца любоў да Радзімы, пашана да роднага краю, традыцый нашых продкаў.

Святочны настрой на свяце стваралі вакальны гурт “Азяраначка”, творчыя калектывы з Курылавіч, Мілявіч, Галубоў, а таксама з Бераставіцкага раёна. А колькі жартаў, прыпевак, гумарыстычных гісторый з сялянскага жыцця пабачылі госці! Не засталіся яны ў баку і ад гульнёвых праграм, якія былі прапанаваны. Краналі сэрца розныя песні “На зямельцы беларускай”, “Дзяўчынка-беларусачка”, “Сэрца беларуса”, “Зямля мая”. Напэўна таму, што яны складаліся народам, у іх адлюстравана гісторыя нашых продкаў, іх побыт, радасць. А яшчэ мы  любім гэтыя песні за цеплыню і духоўнасць.

У нядзелю ўсе прысутныя маглі не толькі паслухаць народныя і сучасныя песні, але і паглядзець на цудоўныя вырабы майстроў Мастоўшчыны, а таксама набыць што-небудзь для сябе, у падарунак для родных і сяброў. А падзівіцца было на што. Выдатныя іконы вышытыя бісерам, прыгожыя вырабы з дрэва! Колькі самабытных майстроў нарадзіла беларуская зямля!

Час імкліва рухаецца наперад, у жыццё пранікаюць новыя тэхналогіі, але захоўваецца ў думках і сэрцы тая спадчына, якая засталася нам ад продкаў. І як цудоўна, што мы сёння можам пабачыць і перадаць наступнаму пакаленню свой нацыянальны скарб, якім ганарымся, і які напаўняе нас жыццёвай энергіяй, энтузіязмам, чысцінёй і самабытнасцю.

 

І.БОЧКО

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио