18 января 2026 — 12:11
Аматарскае аб’яднанне “Другое дыханне” Мілявіцкага цэнтра вольнага часу і культуры ўзнагароджана дыпломам 1 ступені за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе.
Узнагарода сведчыць аб высокім творчым развіцці клуба пажылых людзей з аграгарадка.
Абласны агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Свет захапленняў”, накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці клубных аб’яднанняў і арганізацыю вольнага часу насельніцтва, праходзіў у Гродзенскай вобласці ў мінулым годзе і завітаў на Мастоўшчыну.
Аматарскае аб’яднанне з Мілявіч “Другое дыханне” спачатку выступіла перад абласным журы ў аграгарадку, а затым у Лідзе і Гродне. І ў фінале было ўзнагароджана дыпломам I ступені.
Мы размаўляем з кіраўніком аб’яднання, загадчыцай Мілявіцкага цэнтра вольнага часу і культуры Інай Машкала.

– Іна Вячаславаўна, як узнікла ідэя зрабіць акцэнт на захаванні традыцый і абрадаў беларускага народа?
– У нас ужо некалькі гадоў дзейнічае клуб пажылых людзей “Другое дыханне”. У складзе аматарскага аб’яднання вельмі таленавітыя людзі. Яны і песню праспяваць могуць, і танец паказаць, і верш уласнага сачынення прачытаць. Але хацелася мець нешта адметнае і больш глыбокае, характэрнае для нашай малой радзімы. Вырашылі стаўку зрабіць на адраджэнне абрадавых традыцый. Члены нашага клуба іх добра ведаюць, а вось маладое пакаленне – не. А гэта ж цэлы пласт культуры беларускага народа, і нельга дапусціць, каб ён знік. Добрую прапанову ўсе падтрымалі з энтузіязмам. І адразу пачалі падрыхтоўку да выступленняў.

– З якога абраду пачалі?
– Самымі распаўсюджанымі ў вёсцы даўней былі вячоркі. З іх і пачалі. Хацелася зрабіць гэты абрад цікавым і займальным і адначасова напоўніць яго глыбокім сэнсам, паказаць, як добразычліва і дружалюбна людзі раней адносіліся адзін да аднаго, як умелі цікава разам праводзіць вольны час. Пад сілу нам і калядкі, і заручыны, і адведзіны, і іншыя напоўненыя глыбокім сэнсам абрады. Гэта і хочам давесці да свайго гледача, каб выклікаць цікавасць і гонар за нашы народныя традыцыі і звычаі.

– Ці многа людзей у вашым клубе?
– Усяго трынаццаць чалавек, дастаткова, каб паказаць на сцэне любы абрад. І вельмі важна, што сапраўды ў гэтых сталых людзей праявіліся творчыя здольнасці, адкрылася сапраўднае “другое дыханне”. Усё, што мы робім, яны бачылі ў маленстве, гэта ім дарагое і блізкае. У складзе клуба ёсць і старэйшыя жанчыны, і больш маладыя. У асноўным жыхары Мілявіч, але ёсць і з Дараглян і іншых вёсак. Гэта Леакадзія Тарасевіч, Святлана Макарэвіч, Аліна Архіп, Аляксандра Новік, Наталля Доста, Галіна Васілеўская, Ніна Андала, Антаніна Галавач. У апошнія гады клуб папоўніўся новымі членамі: Алінай Касач, Валянцінай Ашук, Верай Пашкевіч і Эміліяй Яўсейчык. Я з’яўляюся кіраўніком клуба.


– Мне расказалі, што выступленні клуб хутка будзе адкрываць сваім гімнам.
– Ідзе падрыхтоўка да яго стварэння. Словы напісала Таццягна Абухоўская, а музыку стварае Шаміль Тайраў. Спадзяюся, што будзе вельмі эмацыянальна і арыгінальна.

– Я ведаю, што ў гэтым годзе вы атрымалі і другую ўзнагароду.
– Так, за ўдзел у абласной выставе этнапрадметаў традыцыйнай культуры “Панямоння жыватворныя крыніцы” былі ўзнагароджаны дыпломам і Падзячным пісьмом Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Абрады і традыцыі – гэта “жывая вада” з крыніцы памяці народа, а даўнейшыя прадметы працы і жыцця людзей – матэрыяльнае сведчанне яго розуму і таленту.

Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад