Дырэктар ДУА “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” Віктар Мечыслававіч Чэрнік адзначае своеасаблівы юбілей – 30 гадоў знаходжання на складанай і вельмі адказнай пасадзе кіраўніка. А яшчэ адметна, што гэты юбілей супадае з 55-годдзем з дня нараджэння самаго Віктара Мечыслававіча. Вядома, сёння за плячыма ў яго велізарны вопыт і глыбокая дасведчанасць, а некалі нават яму самому будучы шлях кіраўніка школы здаваўся проста неверагодным.
Пасля заканчэння ў 1985 годзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «настаўнік матэматыкі» Віктар Мечыслававіч Чэрнік, жыхар горада Гродна, быў накіраваны на працу ў Малькавіцкую сярэднюю школу Мастоўскага раёна. Праз год у гэтую ж школу на працу прыехала яго жонка Алена Міхайлаўна, таксама настаўнік матэматыкі. Сям’я пражывала ў звычайных вясковых умовах, набіралася вопыту і здзіўляла сваёй энергічнасцю і адданасцю педагагічнай працы.
Таленавіты настаўнік: з музыкальнымі здольнасцямі, апантаны футболам, умеў заахвоціць дзяцей і прывабіць іх да сябе. Слава пра неардынарнага педагога разляцелася далёка, а ў газеце “Чырвоная змена” з’явіўся артыкул “Аксіёма Чэрніка”.
Арганізатарскія здольнасці, адказнасць і творчы падыход да вырашэння любой справы былі заўважаны, і ў 1988 годзе Віктара Мечыслававіча Чэрніка прызначаюць на пасаду дырэктара Лунненскай сярэдняй школы, самай вялікай сельскай школы ў раёне. Пра гэтую школу было вядома далёка за межамі раёна і вобласці. Пра дасягненні ўстановы адукацыі, яе паспяховым удзеле ва ўсесаюзных конкурсах, краязнаўчых экспедыцыях і паходах можна было даведацца з публікацый у рэспубліканскім і агульнасаюзным перыядычным друку. Калектывам такой школы кіраваць было прыемна, але і няпроста. Маладому дырэктару патрэбна было ствараць свой індывідуальны стыль кіраўнічай дзейнасці. Асабістыя якасці Віктара Мечыслававіча – пачуццё адказнасці, аптымізм, мэтанакіраванасць, добразычлівасць, тактоўнасць – выклікалі павагу калег, вучняў і іх бацькоў; сталі падмуркам для паспяховай дзейнасці на пасадзе.
30 гадоў кіраўніцтва школай – гэта не проста звычайны перыяд у жыцці, гэта час гартавання і фарміравання асобы кіраўніка. В. М. Чэрнік не баіцца смелых ініцыятыў, з энтузіязмам ідзе да пастаўленых мэтаў, давярае і паважае калег. У асобе дырэктара цудоўна сумяшчаецца і таленавіты адміністратар, і вопытны педагог, і выдатны дыпламат. Віктар Мечыслававіч умела наладжвае кантакты з бацькамі, спонсарамі, прыцягвае іх да сумеснага вырашэння надзённых школьных задач, робіць саўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. На базе школы праводзяцца семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Віктар Мечыслававіч сцвярджае: “Мая прафесія – мой лёс, але ганарыцца трэба не прыналежнасцю да прафесіі, а майстэрствам і тымі поспехамі, якія дасягнуты.”
В. М. Чэрнік займае актыўную жыццёвую пазіцыю. З 1999 па 2003 гады з’яўляўся дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Сёння Віктар Мечыслававіч – прызнаны лідар сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі Мастоўскага раёна, менавіта таму яго кандыдатура была вылучана для ўдзелу ў Рэспубліканскім педагагічным савеце.
Шмат разоў у нас, яго калег, узнікала пытанне: што значаць для дырэктара школы гэтыя гады? Павінна ж быць у такога чалавека пэўная формула поспеху.
Віктар Мечыслававіч ніколі не хаваў такіх сакрэтаў, наадварот, імкнуўся імі падзяліцца, каб і іншы чалавек адчуў асалоду ад вынікаў сваёй прафесійнай дзейнасці. Самымі важнымі складаемымі поспеху ён лічыць наступныя:
Складнік першы:
“Да паспяховасці
настаўнікаў і вучняў”.
В. М. Чэрнік лічыць, што працаваць школьнаму калектыву неабходна ва ўмовах, максімальна набліжаных да камфортных, а ў свеце інавацый – яшчэ і максімальна тэхнічна абсталяваных. Таму ініцыятарам многіх пераўтварэнняў у школе з’яўляецца непасрэдна сам дырэктар. За гэты час школа значна змяніла сваё аблічча: праведзены капітальны рамонт, заменена абсталяванне ў харчблоку, вокны ў спартыўнай зале і вучэбных кабінетах. Ва ўстанове адукацыі з’явіўся мабільны камп’ютарны клас, інтэрактыўныя дошкі.
Віктар Мечыслававіч адказна ставіцца да сваёй працы, да кожнага работніка школы і вучня, душой перажывае за ўсё і ўсіх.
Складнік другі:
“Да сістэмы
школьнага кіравання”.
Сучасны дырэктар, мэтанакіраваны і крэатыўны, з’яўляецца не толькі педагогам, але і кіраўніком інавацыйных праектаў, якія рэалізуюцца ва ўстанове адукацыі. Галоўны прынцып кіраўніцтва “Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага” дазваляе стварыць такія ўмовы працы, калі хочацца тварыць і ствараць.
Складнік трэці:
“Да актыўнай
дзейнасці”
З дзяцінства Віктар Мечыслававіч захапляецца футболам, выступаў за футбольныя клубы “Алімп” і “Нёман” (Масты). Спартыўны азарт і імкненне да перамог з’яўляюцца важнымі прынцыпамі кіраўнічай пазіцыі.
В. М. Чэрнік заўсёды спрыяе ўдзелу навучэнцаў і педагогаў у конкурсах, канферэнцыях, форумах, выстаўках, алімпіядах рознага ўзроўню. Пераможцы алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый узнагароджваюцца не толькі граматамі, але і грашовымі прэміямі, дзякуючы ААТ “Чарлёна” (дырэктар Г.М. Шатуеў). Дзесяць лепшых спартсменаў школы ўзнагароджваюцца памятнымі медалямі, а пераможцы творчых конкурсаў атрымліваюць памятныя сувеніры. Гонарам нашай школы з’яўляецца народны музей баявой славы. Віктар Мечыслававіч лічыць: ад таго, наколькі школа бу-дзе на слыху, залежыць яе будучае.
Складнік чацвёрты:
“Каманда”.
Дырэктар – прафесіянал сваёй справы, таму выкарыстанне перадавых тэхналогій па кіраванні дазволіла стварыць працалюбівы, творчы педагагічны калектыў, які мае дастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі, прафесійна падрыхтаваны і кампетэнтны.
Дырэктар заўсёды знойдзе, за што пахваліць сваіх калег, падкажа, чым станоўчым і карысным можна падзяліцца з іншымі, і вядома, тактоўна ўкажа на недахопы.
У коле ўвагі кіраўніка міжасабовыя адносіны паміж вучнямі і настаўнікам, настаўнікам і бацькамі, грамадскасцю – усе названыя складнікі і ёсць каманда.
Складнік пяты:
“Сям’я”.
Важным у формуле поспеху дырэктара школы з’яўляецца сям’я. Жонка Алена Міхайлаўна крочыць з ім па жыцці і падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Сыны – дарадцы і аднадумцы бацькі. Старэйшы сын Міхаіл закончыў юрыдычны факультэт, малодшы сын Сяргей – філалагічны факультэт. Жыццё склалася так, што сын Сяргей прафесійна заняўся спортам. І яго дасягненні сёння радуюць многіх. У цяперашні час з’яўляецца варатаром нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па футболе; выступае ў чэмпіянаце Францыі ў складзе вядомага футбольнага клуба “Нансі”. Першым трэнерам майстра спорту міжнароднага класа па футболе Сяргея Чэрніка з’яўляецца яго бацька.
За добрасумленную працу дырэктар школы В.М.Чэрнік узнагароджаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. І нам, яго калегам, не ў меншай меры прыемна, што побач ёсць дасведчаны і вопытны педагог і дырэктар, сапраўдны прафесіянал, гатовы дзяліцца набытымі ведамі і вопытам.
Шмат зроблена, многія вяршыні пакарыліся гэтаму адданаму сваёй справе чалавеку, аднак яшчэ шмат задуманага чакае наперадзе.
Калектыў
работнікаў дзяржаўнай установы адукацыі
“Лунненская сярэдняя школа імя Героя
Савецкага Саюза
Івана Шарамета”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад