Удзельнікаў конкурсу, іх групы падтрымкі, конкурснае журы і гасцей свята на гэты раз вітала гасцінная азёркаўская зямля. У цэнтры аграгарадка Вялікія Азёркі ў гэты суботні дзень было шматлюдна і шумна. Тут звінелі пілы і па наваколлі разносіліся крычалкі балельшчыкаў, было чуваць грукат сякераў і дружныя апладысменты, гучалі песні ў выкананні мясцовых артыстаў і залівісты дзіцячы смех…
На Мастоўшчыне жывуць дружныя, актыўныя, творчыя маладыя сем’і, якім пад сілу ўсё. І станцаваць, і каня запрэгчы, і дроў нарыхтаваць, і дошчачку адной сякерай выстругаць. І конкурс гэта ў чарговы раз паказаў.
Дык хто ж яны, яго ўдзельнікі? Знаёмцеся.
У дружнай і вялікай сям’і Аляксандра Канопкі і Наталлі Свістун з аграгарадка Вялікая Рагозніца выхоўваецца чацвёра дзяцей: дачка Анжаліка, сыны Арцём, Артур і Андрэй. Бацька працуе машыністам на ААТ “Рагозніцкі крахмальных завод”, а маці даглядае малодшага гадавалага сына. Усе разам яны любяць бавіць час на прыродзе, прымаць у сябе дома гасцей, а калі ёсць вольная хвілінка, матуля займаецца рукадзеллем.
Філіял “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” і аграгарадок Дубна прадстаўляла сям’я Адасько. Віталій працуе галоўным заатэхнікам на малочна-таварнай ферме “Заполле”, а Наталля – весаўшчыком у гаспадарцы. У сям’і выхоўваецца двое дзяцей. Сын Ягор займаецца футболам і ўжо мае поспехі, аб чым сведчаць яго шматлікія ўзнагароды. А малодшая Мілана, як яна сама сябе назвала, будучая зорка экрана. Займаецца танцамі, любіць пазіраваць для фотаздымкаў і проста весела бавіць час с сябрамі. Гасцінныя гаспадары частавалі ўсіх прыгатаванымі прысмакамі і наталялі душу сваімі ўнікальнымі карцінамі, што належаць умелым маміным рукам.
А вось сям’я Занеўскіх з аграгарадка Гудзевічы здзівіла дык здзівіла. Яны – нават не паверыце – вырасцілі каўбасы на дрэвах… “Ваўкавыскі мясакамбінат” вырошвае на дрэвах пельмені, а мы што, горшыя за іх? І мы так можам”, – адказалі Павел і Людміла Занеўскія, якія працуюць у ЗАТ “Гудзевічы”. У хатніх клопатах бацькам дапамагаюць дачка Даша і сын Андрэй.
Дарэчы, і чатырохгадовы хлапчук таксама ўсіх здзівіў і зацікавіў сваёй незвычайнай калекцыяй цацачных сельскагападарчых машын. Іх у яго аж 34 (!) і збор працягваецца. Прычым, пра кожную сваю машынку Андрэй ведае ўсё і можа ў падрабязнасцях расказаць пра яе тэхнічныя магчымасці і сферу прымянення. Такі вось будучы механізатар і гаспадар, як тата, падрастае на гудзевіцкай зямлі.
Дружна віталі азёркаўскія жыхары сваіх аднавяскоўцаў – сям’ю Сяргея і Алены Боцькаў і іх дзяцей Аляксея, Лізу і Сафію. Гаспадар працуе трактарыстам-машыністам КСУП “Азяранскі”, зараз у яго гарачая пара – нарыхтоўка кармоў, таму паўдзельнічаць у конкурсе ён не змог, а гаспадыня – брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі гэтай жа гаспадаркі.
Трэба дадаць, што ўсе сем’і мелі вельмі актыўныя і крэатыўныя групы падтрымкі з ліку родных, калег і сяброў. Іх уменне прыйсці на выручку рабіла сем’і мацнейшымі, а крычалкі падымалі дух і натхнялі на высокія вынікі.
Творчыя таленты і здольнасці, спрыт, сілу, хуткасць, кемлівасць – усё гэта прадэманстравалі сем’і падчас праходжання конкурсных заданняў. А іх было даволі шмат. Гэта візітоўка “Я, ты, ён, яна – разам дружная сям’я”, дзе яны творча расказалі пра сябе, свае ўменні і захапленні. Конкурс “Дрывасек” запатрабаваў умення карыстацца ручной пілой “Дружба” і калоць ды складваць дровы.
Жыць у вёсцы і не ўмець запрэгчы і распрэгчы – каня практычна немагчыма, нават зараз, у сучасных умовах, калі ўсё выконвае тэхніка. Таму заданне “Сіўка-бурка” ўсе выканалі хутка і ўмела. Нават жанчыны не баяліся кабылу Машку, якая цярпліва чакала, пакуль усе чатыры сям’і яе запрэглі і распрэглі.
Спрытна і ладна атрымалася ў удзельнікаў прайсці і сельскую спартыўную эстафету. На гэтым конкурсным этапе сем’ям давялося ўспомніць, як іх бабулі і дзядулі насілі ваду з дапамогай каромыслаў ды чыгунок у печ ставілі. Аднак сучасных вясковых жыхароў нічым не напужаеш. Усе справіліся “на выдатна”!
Добры прыклад сваім сынам паказалі бацькі, якія з дапапамогай сякеры за 15 хвілін выстругалі дошкі для рэзкі.
Адным словам, конкурс атрымаўся вельмі пазітыўным, вясёлым і надзвычай багатым на добрыя адкрыцці.
А хто ж заваяваў запаветны статус уладара сяла і права прадстаўляць наш раён на абласным этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта? Перамогу святкавала сям’я Занеўскіх з Гудзевіч. На другім месцы – сям’я Адасько з Дубна. Трэцімі сталі члены сям’і Канопка-Свістун з Вялікай Рагозніцы. На чацвёртай пазіцыі – сям’я Боцька з Азёрак.
Пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад арганізатараў конкурсу – аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі БСЖ, райкама БРСМ, раённай прафсаюзнай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Аднак бадзёры настрой, новыя знаёмствы і актыўны адпачынак на прыродзе ўсёй сям’ёй – гэтая ўзнагарода дасталася сёння кожнаму.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Властелин села 2022
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад