Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумВ трудовом коллективе

Аб чым нагадала паўтаратонка?

Аб чым нагадала  паўтаратонка?19 июня 2018 — 13:25

Нядаўна давялося быць у Мастоўскай сельгастэхніцы. Прыемна было бачыць, што тут ля адміністрацыйнага будынка па-ранейшаму стаіць рэтратэхніка: аўтамашына ГАЗ-АА, так званая паўтаратонка, і трактар ХТЗ. Менавіта такая тэхніка ў першыя пасляваенныя гады была ў адзінай на Мастоўшчыне Бялавіцкай машынна-трактарнай станцыі, якая размяшчалася ў аднайменнай вёсцы ў былым панскім маёнтку. 

 

 

Яна мне таксама знаёма з дзяцінства: у Бялавіцкай МТС пасля вайны вучыўся на трактарыста мой бацька, потым і працаваў там. Як сведчыць кніга “Памяць”, у 1945 годзе тут налічвалася 4 гусенічныя “ДТ”, 2 “Універсалы” і 2 трактары ХТЗ.


Трактарыстаў першапачаткова было ўсяго з дзясятак чалавек. Гэта была новая для нашай мясцовасці прафесія. У калгасах, якія ствараліся ў раёне, усе сельскагаспадарчыя работы на той час выконваліся коньмі.


У пачатку 50-х гадоў тэхніка з Бялавіч пераехала ў Пескі, тут былі пабудаваны новыя будынкі ўжо Мастоўскай МТС. Адміністрацыйны будынак гэтай арганізацыі, на франтоне якой знаходзіўся сноп пшаніцы, і зараз стаіць насупраць Пескаўскага сельсавета. Зараз ён належыць Мастоўскаму рамонтнаму заводу.


У МТС пабольшала трактароў і аўтамабіляў. Бацька і яго калегі--хлопцы з навакольных вёсак Міжава, Зарудаўя, Пацавіч, Борак, Самуйлавіч, Ляды - І.Амелька, В.Волах, М.Дзенісевіч і іншыя зараз працавалі ў нядаўна створаных калгасах. Яны былі арганізаваны амаль што ў кожнай вёсцы.


Памятаю, што бацька працаваў у Вайнілавічах, Ланцавічах, Малых Азёрках, Лабзова. Тэхніка належала МТС, але ўвесь сезон, з вясны да позняй восені, заставалася ў калгасах, трактарысты толькі зрэдку прыязджалі дадому. Бывала, што пераязджалі з адной гаспадаркі ў іншую, калі работа завяршалася.


У гэты час на працу ў Мастоўскую МТС прыехалі дзве асобы, якім лёс наканаваў адыграць асаблівую ролю ў развіцці прадпрыемства: механікі В.Л.Валадось і П.Р.Купала. Таленавітыя спецыялісты і ўмелыя арганізатары, яны садзейнічалі бурнаму развіццю прадпрыемства. У Мастоўскай МТС нават выходзіла свая газета.


Яшчэ праз некаторы час тэхніка з МТС была перададзена ў гаспадаркі, а ў Песках была створана рамонтна-трактарная станцыя. Бацька застаўся працаваць на сваім новым трактары МТЗ-5 у калгасе імя Калініна, што быў створаны ў Пацавічах.


У 60-х гадах мінулага стагоддзя ў Песках на базе РТС узніклі два прадпрыемствы: Мастоўская сельгастэхніка і Мастоўскі рамонтны завод. Васіль Лявонцьевіч Валадось быў спачатку галоўным інжынерам, а потым узначаліў Мастоўскую сельгастэхніку. Сюды вярнуліся многія ранейшыя кадры, у тым ліку і мой бацька.


У самым канцы 60-х гадоў было прынята рашэнне аб пераводзе сельгастэхнікі ў Масты. Для новага прадпрыемства адвялі тэрыторыю на ўскрайку горада, на месцы былых балот. Каб зменшыць пераўвільготненасць зямлі Васіль Лявонцьевіч даручыў пракапаць вядомы роў, які выконвае свае функцыі да гэтага часу і які мастаўчане завуць “валадосевым”.


На новым месцы майстэрні сельгастэхнікі ўзводзілі спачатку будаўнікі са спецыялізаваных арганізацый, а потым будаўнічая брыгада прадпрыемства. У брыгадзе гэтай у розныя перыяды налічвалася 60-80 чалавек, па аб’ёмах работ яна не ўступала іншым будаўнічым арганізацыям нашага горада. Іх тады ў нас было некалькі. Узводзілі дамы па вуліцы Зялёнай, інтэрнаты, басейн, пральню, пякарню і многія іншыя аб’екты. І ўсё за кошт і сіламі прадпрыемства, настолькі яно было развітым і высокаэфектыўным. Узнагароды Савецкага Саюза таму пацвярджэнне.


В.Л.Валадось першым у Мастах падвёў газ да свайго прадпрыемства, пабудаваў кацельню, якая ацяпляла раённую бальніцу і многа жылых дамоў у мікрараёне сельгастэхнікі. Васіль Лявонцьевіч быў вялікім прыхільнікам ведаў. Гэта ён пабудаваў вучэбны корпус сельгастэхнікі. Мастаўчане тады дзівіліся: адміністрацыйны будынак прадпрыемства двухпавярховы, а вучэбны корпус у некалькі разоў большы. Нічога падобнага не бачылі ў іншых раёнах.


В.Л.Валадось імкнуўся, каб сучаснымі ведамі авалодвалі ўсе работнікі сельскай гаспадаркі раёна, а не толькі сельгастэхнікі. На самім прадпрыемстве ў тыя гады вучыліся ўсе: адны ў вышэйшых, іншыя ў сярэдніх навучальных установах, многія праходзілі перападрыхтоўку на месцы. Вось і бацька набыў спецыяльнасць слесара па рамонце аўтатранспартнай тэхнікі, потым каваля.
Па ініцыятыве В.Л.Валадося і былі адноўлены паўтаратонка і трактар ХТЗ. Іх дэманстравалі ў час розных семінараў тыя работнікі сельгастэхнікі, якія на іх калісьці працавалі. Бачыў гэтую тэхніку і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі П.М.Машэраў, калі ў 1980 годзе наведаў Мастоўскі раён.


–Гэтыя музейныя экспанаты – машыну і трактар—мы кожны год возім на рэспубліканскую выстаўку “БелАгра”,--расказвае начальнік аўтатранспартнага ўчастка А.У.Гарбун,-- дык ад наведвальнікаў адбою няма: усе хочуць пра-ехаць на паўтаратонцы. І гэта кіраўнікі розных прадпрыемстваў краіны.


А мастаўчане разглядваюць рэтратэхніку, фатаграфуюцца побач з ёю, наведваюць гэтае месца і турысты. Калісьці яна знаходзілася ў цэху, а вось ужо больш як 30 гадоў дэманструецца на адкрытай пляцоўцы. І гэта вельмі добра, што людзі яе бачаць. Паўтаратонка і трактар сталі своеасаблівым брэндам Мастоў.
Вось такая повязь часоў паміж мінулым і сённяшнім.


С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио