23 чэрвеня 1944 года пачалося наступленне савецкіх войск па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яму папярэднічала моцная артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка, якая абвясціла аб пачатку стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Удзел у ёй прымалі чатыры франты. У напрамку Прынямоння ішлі войскі 1-а і 2-а Беларускіх франтоў.
У баявым данясенні штаба 323-й стралковай дывізіі камандзіру 35-а стралковага корпуса адзначалася, што часці дывізіі з 7.00 гадзін 11 ліпеня 1944 года пачалі праследаванне праціўніка па двух напрамках: 1090-ы і 1086-ы стралковыя палкі – на Стукалы, Каралі, Левыя Масты, 1083-і – на Шасцілы, Чарлёнку, Каралі, Масты.
У 9.00 гадзін перадавыя атрады 1090-а стралковага палка фарсіравалі раку Шчара ў раёне вёскі Каралі, а воіны 1088-а палка – у раёне вёскі Чарлёнка. Тут на рубяжы Сінявічы – Навасёлкі нашы байцы сутыкнуліся з фашыстамі. Другая сутычка адбылася на ўзлеску вёскі Чарлёнка. Сілы ворага складалі да палка пяхоты, якую падтрымлівалі чатыры танкі і адна самаходная гармата.
Перадавыя батальёны завязалі бой, які працягваўся 12 гадзін. Да гэтага часу іншыя вайсковыя падраздзяленні 1090-а стралковага палка занялі Каралі, а воіны 1088-а палка авалодалі Чарлёнкай.
У 12.00 гадзін, пераадольваючы супраціўленне ворага, кавалерыйскі атрад уварваўся ў вёску Навасёлкі.
Выведзены з рэзерва 1086-ы стралковы полк таксама ўступіў у бой. Ён на працягу дня адбіў дзве контратакі праціўніка сілаю да 300 чалавек пры падтрымцы двух танкаў. Да вечара воіны палка авалодалі Сінявічамі і Малькавічамі.
Салдаты 1088-а стралковага палка працягвалі праследаваць праціўніка і ў 23.00 гадзін вызвалілі вёску Навінка. Байцы 1090-а палка авалодалі вёскай Рыбалавічы.
У ноч з 10 на 11 ліпеня на тэрыторыю Мастоўшчыны ўступіла і 250-я стралковая Бабруйская Чырванасцяжная дывізія ордэна Суворава. Ранкам воіны 922-а стралковага палка выйшлі да ракі Шчара. Іх сустрэў кулямётны і аўтаматны агонь непрыяцеля. Аднак хутка супраціўленне варожай групоўкі палкоўніка Тэма было зламана. Гэтым часам 918-ы полк у ходзе абходнага манеўра раптоўным ударам разграміў прыкрыццё фашыстаў на заходнім беразе Шчары, авалодаўшы вёскай Пясчанка. Да 20.00 гадзін нашы войскі занялі Задвор’е, Нацкава, Займішча.
За 323-й дывізіяй следавала 348-я стралковая Бабруйская Чырванасцяжная дывізія, якая знаходзілася ў рэзерве 35-а стралковага корпуса. 11 ліпеня 1944 года яна выйшла на рубеж вёсак Стукалы і Шасцілы.
(Працяг у наступных нумарах)
Падрыхтавала Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад